Ю́РАВІЦКАЕ ЎЗВЫ́ШША.
На ПдУ Беларусі, на Пд Калінкавіцкага р-на, у складзе Гомельскага Палесся. Працягласць па левабярэжжы р. Прыпяць 6 км, з ПнУ на ПдЗ 8 км. Выш. 150—170 м. У складзе Гомельскага Палесся.
Сфарміравалася ў час мазырскай стадыі адступання дняпроўскага ледавіка і было ў складзе Мазырскай грады. У канцы паазерскага зледзянення аддзялілася ад грады ў выніку прарыву яе водамі р. Прыпяць. Складзена з чырвона-бурых марэнных суглінкаў з праслоямі пяскоў. перакрытых маламагутным чахлом з лёсападобных суглінкаў. Тоўшча дыслацыравана.
Рэльеф Ю.ў. градавы і ўзгорысты з адноснымі перавышэннямі 10—20 м. Зах. схіл павернуты да р. Прыпяць, кароткі, стромкі, парэзаны ярамі; усх. — больш пакаты, парэзаны кароткімі лагчынамі; трапляюцца тэрмакарставыя западзіны. На Пн і У узвышша паступова пераходзіць у водна-ледавіковую раўніну. Глебы дзярнова-падзолістыя, сугліністыя. Б.ч. паверхні ўзвышша пад ворывам.
т. 18, кн. 1, с. 212
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)